Польшча скончыла будаваць плот на мяжы з Беларуссю
Польшча завяршыла будаўніцтва плоту на мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў сваім Twitter расказаў прэс-сакратар міністра-каардынатара сакрэтных службаў Польшчы Станіслаў Жарын. Паведамленне пра гэта ён напісаў на польскай, расейскай і арабскай мовах.

«Трапіць у Польшчу нелегальным шляхам цяпер немагчыма. Польска-беларуская мяжа цяпер найлепш абароненая ў Еўропе», — запэўніў Жарын.
Раней з’яўляліся паведамленні, што мігранты робяць падкопы пад плот, пералазяць яго зверху, а таксама публікавалі відэа, на якім сцвярджалася, што беларускія памежнікі дапамагаюць разразаць калючы дрот на мяжы. Таксама памежная служба паведамляла пра спробы мігрантаў перапраўляццап праз рэкі.

Плот на мяжы з Польшчай вышынёй 5,5 метраў расцягнуўся на 180 кіламетраў.
Раней Літва пабудавала плот з калючага дроту і металёвай агароджы даўжынёй 500 кіламетраў на мяжы з Беларуссю. Нагадаем, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕЗ пачаўся летась вясной. Да пачатку вайны ва Украіне плынь мігрантаў істотна скарацілася, але праз нейкі час зноў пачала расці.
