Польшча спыніла пастаўкі газу ва Украіну з-за „Газпрама”



У кампаніі Gaz system не ўдакладнілі, ці сапраўды пастаўкі газу ва Украіну могуць быць адноўлены праз 2 дні.

Аператар польскай газатранспартнай сістэмы кампанія Gaz System пацвердзіла ў сераду, што была вымушана спыніць пастаўкі газу з Еўрапейскага звяза ва Украіну з-за памяншэння паставак расейскага паліва ў Польшчу „Газпрамам”.

Пра гэта УНІАН паведаміла прэс-служба кампаніі, адказваючы на запыт агенцтва.

„Пакуль з-за неабходнасці зменаў руху ў газатранспартнай сістэме, якія мы былі вымушаныя зрабіць з-за абмежаванняў паставак з усходняга напрамку, неабходна часовае прыпыненне рэалізацыі паслугі па транспарціроўцы на пункце „Хермановіцэ” ў напрамку Украіны”, – адзначыла прэс-служба.

У Gaz system не ўдакладнілі, ці сапраўды спыненыя сёння ў абед пастаўкі ва Украіну могуць быць адноўлены праз 2 дні, як паведаміў прадстаўнік „Укртрансгазу”.

Польская PGNIG паведаміла, што „Газпрам” з панядзелка пачаў пастаўляць ёй меншыя аб’ёмы газу, чым прадугледжана дзеючым кантрактам паміж бакамі. Учора кампанія атрымала на 24% менш паліва, чым павінна, а пазаўчора – прыблізна на 20% менш.

Прэс-сакратар PGNIG Дарота Гаеўска сказала УНІАН, што кампанія сур’ёзна занепакоена памяншэннем газавых паставак з Расеі, і што „Газпрам” дагэтуль не патлумачыў матывы свайго рашэння.

Учора брытанская Financial Times напісала, што „Газпрам” плануе абмяжоўваць пастаўкі газу сваім спажыўцам у Еўрапейскім звязе для таго, каб прымусіць іх адмовіцца ад рэверсных паставак паліва Украіне, якой расейскі газавы манапаліст цалкам прапыніў пастаўкі газу з паловы чэрвеня. Украіна спрабуе кампенсаваць недахоп расейскага газу пастаўкамі з ЕЗ. Кіраўнік „Газпрама” заяўляў пра нелегальнасць такіх пракачак і назваў іх „напалову афёрай”, паколькі кампаніі з ЕЗ пастаўляюць украінцам газ закуплены ў Расеі раней.

Як ужо паведамлялася, ва „Укртрансгаз” сёння адзначылі, што Польшча спыніла рэверсныя пастаўкі газу ва Украіну з-за абмежаванняў, якія былі ўведзены расейскай кампаніяй манапалістам „Газпрам”. Па дадзеных „Укртрансгазу”, польскі бок папрасіў 2 дні тэхнічнага перапынку ў пастаўках газу ва Украіну для пошуку неабходнага рэсурсу ў сябе на рынку.

Акрамя таго, аператар польскай газатранспартнай сістэмы Gaz System паведаміў, што па выніках сённяшняга дня ва Украіну праз Польшчу будзе пастаўлена каля 1,3 млн кубаметраў замест раней запланаваных 3,8 млн кубаметраў. Пазней „Газпрам” заявіў, што не зніжаў паставак газу ў Польшчу, адзначыўшы, што яны застаюцца на звычайным узроўні.

unian.ua