Польшча створыць сапёрны батальён ля мяжы з Беларуссю
У канцы года ў польскім Аўгустове, размешчаным паблізу мяжы з Беларуссю, будзе створаны сапёрны батальён, асноўнай задачай якога будзе ўмацаванне ўсходняй мяжы і ахова Сувалкскага калідора. Пра гэта паведаміў у нядзелю кіраўнік Мінабароны Польшчы Марыюш Блашчак, перадае агенства PAP.
Блашчак заклікаў жыхароў Аўгустова разам будаваць моцнае польскае войска.
«Спадзяюся, маладыя жыхары Аўгустова і наваколля ўступяць у шэрагі польскага войска, у гэты сапёрны батальён, які будзе сфармаваны ў канцы года, што яны будуць гатовыя ўстаць на абарону Польшчы», – заявіў ён.
Нагадаем, тэма Польшчы ўздымалася на днях на пасяджэнні Рады бяспекі Расеі. Пуцін паабяцаў адказаць усімі наяўнымі ў яго сродкамі на агрэсію супраць Беларусі. Гэтыя словы прагучалі ў кантэксце яго нападак на Польшчу, якім была прысвечана большая частка апублікаванага выступу. Пасля яго словаў аб «падараваных Сталіным землях» расейскага амбасадара выклікалі ў польскі МЗС.
Таксама напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным заявіў, што «вагнераўцы» хочуць у Варшаву і Жэшуў.
Беларускае Радыё Рацыя