Польшча святкуе Дзень Канстытуцыі (абноўлена)
3 траўня 1791 года Сейм Рэчы Паспалітай ухваліў Канстытуцыю, як лічаць многія гісторыкі, першую ў Еўропе. У польскай сталіцы сёння праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, у варшаўскай Архікатэдры адслужылі святочную Святую Імшу, удзел у якой узяў прэзідэнт Браніслаў Камароўскі. У час літургіі кардынал варшаўскі Казімеж Ныч адзначыў важнасць Канстытуцыі 3 траўня для польскай гісторыі:
– Канстытуцыя 3 траўня была вялікай падзеяй для Польшчы і Еўропы, была своеасаблівым маніфестам Першай Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя дапамагла ператрываць Польшчы 123 гады акупацыі і стала арыенцірам для змагання за незалежнасць.
Канстытуцыя 3 траўня ў час яе прыняцца мела ўзмацніць Рэч Паспалітую, але не змагла засцерагчы яе ад чарговых падзелаў паміж імперыямі.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара
***
У гэты дзень 224 гады таму была ўхвалена Канстытуцыя 3 траўня – першая ў Еўропе і другая ў свеце пасля Злучаных Штатаў Амерыкі. Учора ў краіне адзначалі Дзень дзяржаўнага сцяга і Дзень палоніі і палякаў, якія жывуць за мяжой. У святочныя дні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі звярнуўся да грамадзян з традыцыйным выступам:
– Ведаю, што кожны дзень непакояць нас розныя сігналы. Аднак, жывучы ў геаграфічным сэрцы кантынента, паміж Усходам і Захадам, мусім будаваць нашу сілу на аснове еднасці. Усе самыя важныя моманты ў нашай найноўшай гісторыі – перамога камунізму праз першыя вольныя выбары, уваход у НАТО і Еўразвяз – не былі б магчымыя без еднасці.
Святочныя мерапрыемствы праходзяць сёння ў сталіцы Падляшша. У 12.30 каля помніка маршалку Пілсудскаму адбудуцца галоўныя ўрачыстасці. Акрамя выступаў, запланаванае супольнае спяванне патрыятычных песень з акцёрамі Беластоцкага тэатра лялек. А 14-ай на Рынку Касцюшкі – дэманстрацыя вайсковага абсталявання Польшчы. Пройдуць таксама іншыя мерапрыемствы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота olesno.pl