Польшча ўдвая павялічыць колькасць жаўнераў на мяжы з Беларуссю
Польшча павялічыць да дзвюх тысяч колькасць жаўнераў, якія ахоўваюць мяжу з Беларуссю, заявіў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак журналістам. Раней міністэрства абароны накіравала ў дапамогу памежнікам на беларускую мяжу тысячу салдат.
„Хутка мы падвоім лік жаўнераў, якія служаць на мяжы, да дзвюх тысяч”, – сказаў Блашчак. Зараз некалькі дзясяткаў нелегальных мігрантаў застаюцца заблакаванымі на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай каля вёскі Уснаж-Гурны ў Падляшскім ваяводстве. Мігранты нелегальна спрабавалі перайсці ў Польшчу. Польскія і беларускія памежнікі абкружылі іх кардонамі і не дазваляюць трапіць ні ў адну з краін. Польскі бок настойвае на тым, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а не на нейтральнай паласе. Таксама сёння ў Варшаве пратэставалі супраць нялюдскага абыходжання з бежанцамі на польска-беларускай мяжы, піша Gazeta Wyborcza.
„Ніхто не нелегальны”, „Пусціце бежанцаў, выганіце нацыстаў!”, — з такімі лозунгамі выйшлі да сядзібы Галоўнага штабу памежнай службы Польшчы у Варшаве ўдзельнікі пікету.
„Актывісты сабраліся, каб выказаць свой супраціў бесчалавечнаму абыходжанню з бежанцамі на польска-беларускай мяжы і ўсё больш гучнай антымігранцкай рыторыцы і палітыцы польскіх уладаў”, — сказаў праз мегафон удзельнік пікету. Удзельнікі акцыі прывезлі з сабой 200 метраў калючага дроту, які расцягнулі ўздоўж будынка штабу. Дрот сімвалізуе сцяну, якой польскія ўлады збіраюцца адгарадзіцца ад Беларусі і тым самым спыніць мігранцкі крызіс.
Па дадзеных польскіх памежнікаў, з пачатку жніўня нелегальна перайсці мяжу рэспублікі з Беларусі спрабавалі больш за 2 тысячы чалавек. За ўвесь мінулы год іх было толькі 120.
Фота: Grzegorz Dąbrowski / Agencja Gazeta /