Польшча ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю



На фоне росту ліку мігрантаў Польшча ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіў прэс-сакратар ураду краіны Пётр Мюлер. На пытанне журналістаў, ці ёсць у Польшчы планы па будаўніцтве плоту ўздоўж мяжы, Мюлер не змог адказаць: “Мне невядома, каб такое рашэнне было прынята”. Разам з тым ён заявіў, што ўрад Польшчы афіцыйна распарадзіўся ўзмацніць ахову дзяржаўнай мяжы з Беларуссю.

Сёлета польскія памежнікі затрымалі ўжо 871 мігранта, які незаконна перайшоў беларуска-польскую мяжу. Гэта ў 7 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Раней іншыя суседзі Беларусі — Літва і Латвія — абвясцілі рэжым надзвычайнай сітуацыі на мяжы з-за наплыву мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Парламенты гэтых дзяржаў надалі больш паўнамоцтваў вайсковым злучэннем у справе аховы дзяржаўнай мяжы.