Польшча ўзяла на сябе камандаванне «вастрыём NATO»



Польшча 1 студзеня ўзяла на сябе камандаванне так званым вастрыём NATO, гэта значыць сіламі вельмі высокай гатоўнасці, здольнымі да рэагавання на працягу некалькіх дзён.

«Супольныя аператыўныя сілы вельмі высокай гатоўнасці (VJTF), гэта значыць наша вастрыё, гэта значны ўклад у супольную абарону і моцная прэзентацыя магчымасцяў Польшчы. Гэтыя сілы можна імгненна размяшчаць для абароны любой краіны-саюзніка перад любой пагрозай», – заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.

Натаўскія сілы вельмі высокай гатоўнасці паклікалі ў адказ на расейскую анексію Крыма ў 2014 годзе. З моманту свайго заснавання яны функцыянуюць як элемент стратэгіі стрымлівання Расеі. У іх склад уваходзяць вайскоўцы падвышанай баявой гатоўнасці, дэлегаваныя на аснове ратацыі паміж дзяржавамі-чальцамі. Гэтыя вайскоўцы застаюцца ў месцах дыслакацыі, але яны павінны быць здольныя цягам 48-72 гадзін патрапіць у кожнае патрэбнае месца.

Па звестках NATO, у «вастрыё» ўваходзяць каля 6 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку каля 3 тысяч з Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя