Польшча выдала беларускім айцішнікам больш за 2500 віз
Па праграме рэлакацыі для беларускіх ІТ-кампаній і IT-спецыялістаў Польшча выдала ўжо больш за 2500 візаў. Такую лічбу назвала паўнамоцная прадстаўніца прэм’ер-міністра Польшчы па ўрадавых тэхналогіях Юстына Арлоўска, – піша dev.by.
Праграма „Poland. Business Harbour” пачала дзейнічаць у верасні 2020 года. У ёй удзельнічаюць больш за сто польскіх кампаній ІТ-сектара. Падтрымку па гэтай праграме для пераезду ў Польшчу атрымаюць 19 беларускіх стартапаў. Агулам жа было даслана больш за 100 такіх заявак.
Арганізатары плануюць пашырыць праект яшчэ на 20 месцаў. Больш за дзесяць буйных беларускіх ІТ-кампаній ужо займаюцца пераводам бізнесу ў Польшчу ў рамках гэтай праграмы. Іх назвы пакуль не агучваюцца.
Актыўная эміграцыя беларускіх айцішнікаў пачалася пасля выбараў у жніўні 2020 года. На гэта паўплывала як трохдзённае адключэнне інтэрнэту ў краіне, так і рэпрэсіі супраць некаторых кампаній за падтрымку мірных пратэстаў.
Беларускае Радыё Рацыя