Беларусы Беластока “праводзілі” консула Алу Фёдараву (абноўлена)



Беларусы Беластока “праводзілі” консула Алу Фёдараву. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку мае пакінуць тэрыторыю Польшчы, таксама як і яшчэ адзін дыпламат з беларускай амбасады ў Варшаве. Гэта сіметрычны адказ на высылку двух польскіх консулаў з Гародні. Як кажа старшыня Фонду “Беларусь 2020” Марына Ляшчэўская, беластоцкія беларусы рады развітацца з консулам Фёдаравай:

– Ну чым яна займалася? Напэўна, нічога добрага для нас у апошнія гэтыя месяцы яна не зрабіла, акрамя таго, што яна спрабавала сфальшаваць выбары. Мы так і не ведаем дакладна, якія дадзеныя яна накіравала ў ЦВК, яна не паказвала гэтыя дадзеныя, хоць мы прасілі, каб іх вывесілі. Я лічу асабіста, што яна зрабіла ўсё, каб большасць людзей не прагаласавала ў дзень выбараў.

 

Каля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку беларусы паставілі чырвоны чамадан з надпісам “Белла чао”. Марына Ляшчэўская кажа, што гэта чамадан з гісторыяй:

–  Гэта чамадан адной жанчыны, якая вельмі хутка з’ехала з Беларусі з чатырма дзецьмі, таму што ёй пагражалі тым, што ў яе забяруць дзяцей. Яна – уцякачка. Гэты чамадан разбіты таксама, як яе жыццё. Я падумала, што няхай гэты чамадан цяпер будзе ў Алы, няхай яна пазбірае ў яго ўсе свае заслугі і паедзе да свайго “гаспадара”.

Пры гэтым Марына Ляшчэўская заўважае, што дыпламатычная “вайна” паміж Беларуссю і Польшчай негатыўна адаб’ецца на звычайных грамадзянах. На гэты момант у межах дыпламатычнага канфлікту паміж дзвюма краінамі агулам Беларусь высылае трох польскіх дыпламатаў у Гародні і Берасці, а Польшча адпаведна трох беларускіх у Варшаве і Беластоку.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя