Польшча з суботы ўводзіць нацыянальны лакдаўн



Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі абвясціў аб увядзенні нацыянальнага лакдаўна па ўсёй краіне пачынаючы з суботы.

Лакдаўн уводзіцца ў сувязі са значным ростам заражэнняў па ўсёй краіне.

Плануецца, што абмежаванні будуць дзейнічаць да 9 красавіка. Па словах міністра, брытанскі варыянт каронавірусу выявілі ўжо ў 52% новых хворых.

Нядзельскі не выключыў, што, калі сітуацыя пагоршыцца, абмежаванні будуць больш жорсткімі да Вялікадня.

Урад Матэвуша Маравецкага вырашыў распаўсюдзіць абмежаванні, якія дзейнічалі ў чатырох ваяводствах, у тым ліку ў Варшаве, на ўсю тэрыторыю Польшчы. У прыватнасці, будуць зачыненыя гатэлі і месцы размяшчэння (акрамя  тых, што  прадастаўляюцца ў рамках дзелавых паездак).

Таксама зачыняюцца гандлёвыя цэнтры (за выключэннем прадуктовых крамаў, аптэк, шапікаў прэсы), кінатэатры, тэатры, канцэртныя залы, музеі, гарналыжныя трасы, басейны, аквапаркі, спортзалы, саўны, рэстараны, бары, тэнісныя корты і казіно. У Польшчы за апошнія суткі зарэгістравалі 25 052 новыя выпадкі каронавірусу, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам з лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя