Польшча за мінулы год прыняла 70 тысяч беларусаў
Польшча толькі за 2022 год прыняла 70 тысяч беларусаў, якія беглі ад лукашэнкаўскіх рэпрэсій. Яны атрымалі гуманітарныя візы або міжнародную абарону. Такую лічбу назваў намеснік кіраўніка МУС Польшчы Мацей Вонсік.
Таксама ён падкрэсліў, што 377 прадстаўніком рэжыму ўнесеныя ў польскі санкцыйны спіс – сярод іх пракуроры, ваенныя, спартоўцы, чыноўнікі, дэпутаты. Ім забаронены ўезд у Польшчу, а тым, хто меў рахункі ў банках, замарозілі сродкі. Таксама Польшча працуе над тым, каб уключыць у санкцыйны спіс беларускія транспартныя кампаніі, зарэгістраваныя ў Польшчы. Пакуль на мяжы прыпынены рух грузавікоў і прычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі або Расіі.
– Хутка паступяць еўрапейскія санкцыі, іх рэалізуем урадавым актам, які ўжо ўнесены ў Сейм з самастойнымі папраўкамі, каб цалкам закрыць магчымасць расейскага і беларускага транспарту па ўсім Еўразвязе. Гэта будзе вельмі важны эканамічны крок, які, вядома, умацуе наш транспарт, таму што гэта даволі вялікі канкурэнт, – сказаў намеснік кіраўніка МУС Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя