Польшча зачыніла 12 вугальных шахтаў з-за каронавіруса
599 новых выпадкаў каронавіруса SARS-CoV-2 пацверджаныя ў панядзелак у Польшчы. І гэта найбольшы сутачны прырост за час эпідэміі. Пры гэтым 326 з іх – на Шлёнску. Таксама паведамлена пра смерць дзевяці чалавек. Такім чынам, з пачатку пандэміі COVID-19 у Польшчы заразіліся 27 тысяч 160 чалавек, з іх 1 166 – памерлі, а каля 13-ці тысяч – выздаравелі. Акрамя таго, у краіне амаль 83 тысячы чалавек знаходзяцца на каранціне, а каля 20-ці тысяч ахопленыя эпідэміялагічным наглядам.
Дарэчы, на Шлёнску – найбольшая колькасць выпадкаў каронавіруснай інфекцыі – амаль 10 тысяч. Ад сёння ў Польшчы на тры тыдні зачыненыя 12 вугальных шахтаў з прычыны пашырэння сярод шахцёраў каронавіруснай інфекцыі. Пры гэтым урад заявіў, што ўсе шахцёры атрымаюць за час прастою поўныя заробкі.
Беларускае Радыё Рацыя