Польшча запускае Міжнародную платформу падсправаздачнасці для Беларусі



Больш за дзясятак заходніх краін, уключаючы Польшчу, у сераду, 24 сакавіка, запусцілі незалежны механізм дакументавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, заявіў намеснік міністра дыпламатыі Марцін Пшыдач. У той жа дзень Савет па правах чалавека ААН пагадзіўся стварыць следчую групу для збору доказаў гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў, які чыніўся ўладамі Беларусі.

З 9 жніўня ў Беларусі праходзяць акцыі пратэсту, удзельнікі якіх патрабуюць сыходу Аляксандра Лукашэнкі і прызначэння новых, сумленных выбараў. Вынік выбараў, на якіх, паводле афіцыйных дадзеных улад Беларусі, перамог Лукашэнка, не прызнаецца большасцю краін свету, у тым ліку ЗША і членамі Еўрапейскага Звязу.

У выніку пратэстаў, якія працягваюцца ўжо больш за сем месяцаў, адбыліся жорсткія падаўленні мірных дэманстрацый і затрыманні прадстаўнікоў апазіцыі. Міжнародныя арганізацыі занепакоеныя з нагоды шматлікіх парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

„Мы салідарныя з беларускім народам у яго патрабаваннях да дэмакратычных змен”

„Польшча разам з 18 іншымі краінамі запускае Міжнародную платформу падсправаздачнасці для Беларусі – незалежны механізм НДА для дакументавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Вінаватыя павінны несці адказнасць”, – заявіў намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач.

У стварэнні механізма ўдзельнічалі краіны: Аўстрыя, Бельгія, Канада, Чэхія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Германія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Румынія, Славакія, Швейцарыя, Вялікабрытанія і ЗША.

„Мы салідарныя з беларускім народам у яго імкненні да дэмакратычных пераўтварэнняў. Мы пацвярджаем сваё адназначнае асуджэнне сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама невыкананне дэмакратычных прынцыпаў і вяршэнства закона”, – гаворыцца ў паведамленні. Заява апублікаваная Дзярждэпартаментам ЗША.

„Пакончыць з замкнёным колам беспакаранасці”

Таксама ў сераду Савет па правах чалавека ААН ухваліў стварэнне следчай групы па зборы доказаў аб злоўжыванні сілай праваахоўнымі органамі Беларусі і меркаваным ужыванні катаванняў у дачыненні да затрыманых пратэстоўцаў. З гэтай мэтай Савет зацвердзіў бюджэт  2,5 мільёна даляраў і пагадзіўся наняць 20 чалавек для расследавання.

Прапанаваная рэзалюцыя была вылучана прадстаўніцтвам Еўрапейскага Звязу і падтрымана 20 краінамі.

– Мы павінны прадэманстраваць сваю падтрымку беларускаму народу і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека, каб пакласці канец заганным кругам беспакаранасці, – заявіў у Жэневе пасол Партугаліі ў ААН Руі Масэйер, які прадстаўляе пазіцыю ЕЗ.

Пасол Беларусі Юрый Амбразевіч ахарактарызаваў рашэнне Савета як „чарговую спробу ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай краіны”. Прадстаўнік Расеі Генадзь Гацілаў ахарактарызаваў гэтую рэзалюцыю як „надзвычай палітызаваную”.

tvn24.pl

Фота: Stringer/ITAR-TASS/PAP/EPA