Польска-беларуская “Ініцыятыва бяз межаў”



Сёння, 23 траўня, у доме культуры ў вёсцы Грабавец, што ў гміне Дубічы-Царкоўныя, пройдзе фэст “На родную мелодыю”. “Гэтае мерапрыемства своеасаблівае падсумаванне нашага супрацоўніцтва з беларускай Відомляй, якое мы вялі ў рамках праекта “Ініцыятыва бяз межаў” – адзначае войт гміны Дубічы Царкоўныя Лявон Малашэўскі:

– Ёсць нагода спадкацца з нашымі партнёрамі з Беларусі, спаткацца, пагаварыць. Будуць выступаць мастацкія калектывы. Сардэчна запрашаем. Гэты фэст – адзін з элементаў рэалізацыі нашага праекту “Ініцыятыва без граніц”.

Апроч музычнай часткі, у Грабаўцы пройдзе таксама прэзентацыя рукадзелля ды рэгіянальнай кухні. Пачатак мерапрыемства а 17-й гадзіне.

* * *

Дэлегацыя з Відомлі, што ў Каменецкім раёне, наведала падляшскую гміну Дубічы-Царкоўныя. У Цэнтры Транспамежных ініцыятываў у Грабаўцы прайшла адмысловая сустрэча-семінар. “Мы расказалі сябрам з беларускага боку мяжы пра дзейнасць нашых пазаўрадавых арганізацыяў, якія дзейнічаюць на карысць мясцовых жыхароў”, – кажа каардынатар праекта “Ініцыятыва бяз межаў” Бажэна Маркевіч:

– У рамках гэтага семінару мы хочам паказаць, з якіх фондаў мы атрымліваем грошы на нашы праекты. Таксама нашыя партнёры расказалі нам пра свае праекты, яны карыстаюць з фонда Еўразія. У нас тут ёсць вольны час, каб пагаварыць пра тое, што мы разам будзем рабіць у гэтым годзе.

Дубічы Царкоўныя і Відомля супрацоўнічаюць ужо больш за год. У выніку з’явіўся супольны інтэрнэт-сайт. Праект “Ініцыятыва бяз межаў” фінансуецца праграмай транспамежнага супрацоўніцтва „Польшча-Беларусь-Украіна”.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя