Польская чыгунка адмаўляецца ад цягнікоў у Гародню
У сёлетнім раскладзе руху польскай чыгункі ўжо дакладна не з’явяцца цягнікі Варшава — Гародня. Новае кіраўніцтва Міністэрства Інфраструктуры і Будаўніцтва вырашыла не пераглядаць рашэння сваіх папярэднікаў пра адмену спалучэння.
У снежні міністэрства паведамляла, што будзе разглядаць магчымасці вярнуць памежны рух на чыгунцы.
У сярэдзіне студзеня стала вядома, што ў 2016 годзе польская электрычка на гарадзенскі вакзал так і не прыедзе. «Рашэнне міністра ў гэтай справе не змянілася», – пацвердзіла выданню «Rynek kolejowy» прэс-сакратарка міністэрства Эльжбета Кісіл. Фінансаваць стратны цягнік не хоча і маршалак Падляшскага ваяводства.
Прадстаўніца міністэрства тлумачыць, што ранейшыя цягнікі з Гародні ў Элк і Малкіню былі сталай крыніцай дэфіцыту ў бюджэце чыгункі і не карысталіся папулярнасцю. Паводле інфармацыі фірмы Przewozy Regionalne, у 2014 годзе з кожнага з цягнікоў у Гародню скарысталася ў сярэднім 70 пасажыраў.
Беларускае Радыё Рацыя