Польская партыя выпусціла выбарчыя ўлёткі па-беларуску



Падляшскія сябры партыі Разам выдалі ўлёткі на польскай і беларускай мовах. Гэта адзіны камітэт, які ў выбарчай кампаніі выкарыстаў у сваіх матэрыялах беларускую мову.

“Эміграцыя моладзі, беспрацоўе і адсутнасць уласнага жытла з’яўляюцца праблемамі жыхароў Падляшша польскага, беларускага, украінскага ды нішага паходжання,” – пішуць у сваёй улётцы сябры партыі Разам.

Паводле кандыдата ў Сейм Северына Пракапюка, выкарыстанне на ўлётках беларускай мовы – гэта сімвалічны жэст:

– Мы ўсведамляем, што падляшскія беларусы ўмеюць чытаць па-польску. Пішам, каб дапамагчы ў захаванні мовы, захаванні традыцый, захаванні культуры. Таксама для нас вельмі важна, каб гэта не было ўспрынята, як танны выбарчы ход. Мы вельмі доўга кансультаваліся з асяроддзем, з дзеячамі, з беларусамі, пакуль усе не сказалі: “Рабіце, спрабуйце. Чаму не?”. Так мы і зрабілі.

Сярод кандыдатаў партыі Разам ёсць асобы, якія дэкларуюць сваю сувязь з беларускай меншасцю на Падляшшы, сярод якіх настаўнік Севярын Пракапюк і журналіст Міхал Іванюк.

Выбары ў польскі парламент адбудуцца 25 кастрычніка.

0001534546

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя