“Польская ўсходняя палітыка” – без акцэнту на Беларусь (абнаўляецца)



У Вроцлаў на штогадовую канферэнцыю “Польская ўсходняя палітыка” прыехалі прадстаўнікі паланійных арганізацый. Кіраўнік Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс заявіла, што адносіны беларускіх уладаў да польскай меншасці застаюцца непрыязныямі:

– Адносіны ўлады да польскай меншасці засталіся такія, як былі. Няма вострых рэпрэсій адносна нашых сяброў, але такая сітуацыя, што нічога генеральна не змянілася. Не ведаю, як усё далей павернецца, у які бок, можна чакаць і абастрэнне. Але мы чакаем канкрэтнай пазіцыі ўладаў Польшчы, таму што ад іх пазіцыі шмат залежыць.

Таксама Анжаліка Борыс, каментуючы сітуацыю з “прэзідэнцкімі выбарамі” ў Беларусі, заявіла, што Саюз Палякаў у Беларусі надалей падтрымлівае дэмакратычныя перамены ў краіне, бо толькі яны могуць стварыць нармальныя ўмовы для паўнавартаснага жыцця польскай меншасці:

– Мы не можам канкрэтных кандыдатаў падтрымліваць, мы падтрымліваем дэмакратычныя перамены ў Беларусі, гэта нармальна. Таму што мы сёння ў такой сітуацыя, як і апазіцыя, мы ў варунках непрызнання, не можам нармальна функцыянаваць.

Яскравым адлюстраваннем адносінаў уладаў да польскай меншасці Анжаліка Борыс назвала забарону канцэрта гурта “Lombard”, які быў запланаваны ў Гародні.

* * *

У Вроцлаве праходзіць дзясятая канферэнцыя “Польская ўсходняя палітыка”. На мерапрыемства з’ехаліся прафесары ўніверсітэтаў, дэпутаты, прадстаўнікі Міністэрства Замежных Спраў і дыпламатычных пляцовак. Асноўная ўвага сёлета надзелена справам Расеі ды Украіны. Праграмны дырэктар канферэнцыі Адам Бальцэр тлумачыць, чаму ў гэтым годзе слаба закранаецца пытанне Беларусі:

– Не маем у гэтым годзе панэлі, прысвечанай выключна Беларусі. На жаль, не можам закрануць усе тэмы. Вайна ва Украіне, расейская палітыка ў савецкія ды паслясавецкія часы, а таксама палітыка Расеі ў межах усёй Еўразіі. Напрыклад, інтэрвенцыя ў Сірыі. Усё гэта спрычынілася да адсутнасці беларускай панэлі.

 

Адам Бальцэр прадставіў на канферэнцыі свой рапарт, у якім раіць польскаму кіраўніцтву працягваць пацяпленне дачыненняў з Беларуссю. “Трэба адназначна даць зразумець, што польская палітыка не імкнецца да рэвалюцыйнай змены сістэмы ў Беларусі, але падтрымлівае дыялог між уладамі і памяркоўнай апазіцыяй,” – гаворыцца ў дакладзе.

***

Адказваючы на пытанне, ці можа Захад прызнаць «выбары» Лукашэнкі, вядомая польская журналістка, адмыслоўца ў справах Усходняй Еўропы Марыя Пшэломец канстатавала, што Захад мае такое жаданне:

— Мне здаецца, што Захад вельмі хацеў бы прызнаць выбары нармальнымі. Лукашэнка дакладна мае большасць галасоў, каля 50 адсоткаў я думаю ён мае, нават калі няпоўныя. Праблема ў тым, што яму гэтага недастаткова, ён абавязкова хоча мець мінімум восемдзесят адсоткаў, таму, будуць цуды над выбарчымі скрынямі.  

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя