Польскі часопіс, прысвечаны Воршы, выйдзе па-беларуску



Польскі гістарычны часопіс у верасні выйдзе на беларускай мове. Рэдакцыя навукова-папулярнага выдання „Mówią Wieki” прысвячае свой чарговы вераснёўскі нумар 500-годдзю перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над Маскоўскай дзяржавай пад Воршай.

Бітва пад Воршай

„Акрамя традыцыйнага польскага нумара мы рыхтуем да друку і беларускамоўны варыянт часопіса, дзе на 96 старонках паспрабуем наблізіць для чытача не толькі саму бітву, але і эпоху ды важных постацяў таго часу”, – кажа галоўны сакратар часопіса Багуслаў Кубіш:

– Тут будуць толькі матэрыялы прысвечаныя Воршы і гэтай эпосе. Нумар павінен з’явіцца ў продажы ў паўночна-ўсходніх рэгіёнах Польшчы. Будзе таксама распаўсюджвацца ў Беларусі, бо беларускую версію замовіў Польскі інстытут у Менску. Адбудуцца сустрэчы ў Менску, Віцебску, і хіба яшчэ ў трэцім месцы, у якім гэты нумар будзе прэзентаваны.

Беларуская версія ілюстраванага часопіса „Mówią Wieki” пабачыць свет пасля 10-га верасня. Беларускамоўную версію часопіса замовіў Польскі інстытут у Менску.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя