Польскі гуманітарны канвой для мігрантаў чакае дазволу на ўезд у Беларусь



Грузавы канвой з гуманітарнай дапамогай для мігрантаў у Беларусі чакае дазволу на ўезд у памежным пункце пропуску ў вёсцы Баброўнікі на польска-беларускай мяжы. Пра гэта паведаміў кіраўнік урадавага агенцтва стратэгічных запасаў Міхал Кучмероўскі: „Спадзяемся, што гэтым разам яго пусцяць і грузавікі, якія чакаюць на мяжы, змогуць даехаць і выгрузіць рэчы, што прызначаны на дапамогу, неабходную для пераадольвання міграцыйнага крызісу: коўдры, палаткі, сродкі асабістай гігіены і абагравальнікі. Таксама гатовыя арганізаваць наступны транспарт, калі будзе такая патрэба з беларускага боку. Наступным разам  можам адправіць прадукты і лекі”.

Па словах кіраўніка ўрадавага агенцтва стратэгічных запасаў, рашэнне аб адпраўцы канвою сведчыць пра рашучасць польскіх уладаў дапамагчы і што гуманітарная дапамога будзе спрыяць вырашэнню міграцыйнага крызісу. Гэта трэцяя спроба Польшчы адправіць гуманітарны канвой у Беларусь. Два папярэднія транспарты афіцыйныя ўлады Беларусі не ўпусцілі на тэрыторыю краіны. Гуманітарны канвой дасланы па ініцыятыве прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Гэта дапамога мігрантам, якія блукаюць ля мяжы з Польшчай у сувязі з няўдалай спробай перасекчы ўсходнюю мяжу Еўрапейскага Звязу. З вясны рэжымы Пуціна і Лукашэнкі праводзяць спецаперацыю па развязванні міграцыйнага крызісу на мяжы Еўруазвязу з Беларуссю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: PAP/Paweł Supernak