Польскі праязны дакумент іншаземца беларусы змогуць афармляць бясплатна
З чэрвеня беларусы, якія маюць дазвол на жыхарства ў Польшчы, змогуць афармляць польскі праязны дакумент іншаземца бясплатна. Цяпер гэты дакумент каштуе 350 злотых (каля 75 еўра), паведамляе Польскае інфармацыйнае агенцтва.
Па словах намесніка дзяржсакратара МУС Польшчы Барташа Градзецкага, кіраўнік міністэрства Марыюш Камінскі прыняў рашэнне аб бясплатнай выдачы дакумента пасля абмеркавання пытання з беларускай дыяспарай і Святланай Ціханоўскай.
Новая працэдура выдачы беларусам польскага праязнога дакумента — спосаб «вырашыць сітуацыю тых, чый пашпарт, напрыклад, пратэрмінаваны», адзначыў Градзецкі.
«Гэта важная змена таксама тычыцца дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся ў Польшчы і ніколі не мелі [беларускага] пашпарта», — дадаў ён.
Беларускае Радыё Рацыя