Польскі прэм’ер прадставіў новы план змагання з каронавірусам
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў пятніцу абвясціў пра падрыхтоўку новых бальнічных ложкаў для хворых на Covid і пра ўвядзенне бясплатных антыгенавых тэстаў на наяўнасць каронавіруса ў кожнай аптэцы з 27 студзеня.
Сёння, паводле яго слоў, „тэндэнцыя някепская”, бо колькасць занятых ложкаў памяншаецца. Але праз 7-10 дзён тэндэнцыя можа вельмі хутка змяніцца. Таму бальніцы павінны быць да гэтага падрыхтаванымі.
Таксама прэм’ер Маравецкі выказаўся пра дыстанцыйную працу: “Я даручыў дзяржаўнаму кіраўніцтву і рэкамендую мясцоваму самакіраванню як мага хутчэй перайсці на дыстанцыйны, гібрыдны рэжым. Таксама я заклікаю прадпрымальнікаў працаваць дыстанцыйна на працягу наступных некалькіх тыдняў”, — сказаў Маравецкі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Reuters