Польскі ўрад прызначыць 222 млн еўра на захаванне месцаў працы



У першыя два тыдні пасля ўвядзення антыкрызіснага шчыта польскія фірмы склалі ў Фонд сацыяльнага страхавання (ZUS) і на біржу працы больш за 1 млн 300 тысяч заяваў для атрымання падрыхтаванай для іх дапамогі.

„Запісы гэтак званага антыкрызіснага шчыта, якія пачалі дзейнічаць з пачатку красавіка, прадугледжваюць, што прадпрымальнікі могуць падаць заяву на звальненні іх з выплат у сацыяльны фонд, на адтэрміноўку гэтай аплаты, на растэрміноўку неаплачаных рахункаў, а таксама заяву на выплату дапамогі за прастой”, – сказала Польскаму радыё міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.

Міністр зазначыла, што на ахову месцаў працы да прадпрымальнікаў трапіць каля мільярда злотых.

„На мікрапазыкі да гэтага часу прызначылі больш за 200 млн злотых. Таксама пачынаюцца выплаты на даплаты да заробкаў. Будзе выплачаная дапамога больш за 600 млн злотых. Калі скласці яшчэ іншыя выплаты, якія ідуць з Фонду сацыяльнага страхавання, то можна смела сказаць, што 1 млрд злотых (ці каля 222 млн еўра) трапіць да прадпрымальнікаў з мэтай аховы месцаў працы, то бок для выплаты заробкаў працаўнікам”, –  дадала Марлена Малёнг.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Polskie Radio