Польскіх жаўнераў асляпілі лазерамі падчас новага інцыдэнту на мяжы з Беларуссю
Беларускія сілавікі ўвечары ў чацвер, 2 снежня, асляпілі страбаскопам і лазерамі польскіх вайскоўцаў на мяжы, паведамляе паліцыя Падляшша.

Інцыдэнт адбыўся каля польскіх вёсак Апака і Волька Церахоўская падчас спробы мігрантаў нелегальна перайсці мяжу Польшчы з боку Беларусі. Спроба прарыву была адбітая. Як паведамлялася раней, у сераду, 1 снежня, Польшча заявіла аб абстрэле з тэрыторыі Беларусі пражэктараў на мяжы, якія ўстанавілі вайскоўцы. Па дадзеных Мінабароны Польшчы, стралялі з пнеўматычнай зброі. У выніку абсталяванне было выведзена са строю.
Таксама ўчора, 2 снежня, на мяжы было 46 спробаў незаконнага яе перасячэння. У дачыненні да 9 чалавек былі вынесены рашэнні аб выездзе з тэрыторыі Польшчы.
Гвалтоўныя спробы перасячэння мяжы адбываліся на участках, якія ахоўваюцца пагранічнымі заставамі ў Нараўцы і Чарэмшы.
Беларускае Радыё Рацыя
