Польскія інтэлектуалы зрабілі зварот па Украіне
Зварот у справе дапамогі Украіне прыняў шэраг вядомых польскіх інтэлектуалаў. У звароце, які пачынаецца са словаў Адама Міцкевіча пра тое, што сябры пазнаюцца ў бядзе, гаворыцца пра патрэбу Украіны ў дапамозе з боку дэмакратычных дзяржаў і грамадскіх супольнасцяў.
„Неабходна памятаць пра тое, што без вольнай і незалежнай Украіны не будзе бяспекі для Польшчы і Еўропы. Падтрымка Украіны ва ўсіх напрамках – гэта наш абавязак і палітычнае заданне”, – адзначаюць аўтары звароту, сярод якіх кіраўнік Цэнтра ўсходніх даследаванняў Ян Маліцкі:
– Сітуацыя такая складаная, што трэба даць публічны сігнал, што нельга ні на хвіліну забываць пра Украіну і ўкраінцаў, засяроджвацца на тым, каб дапамагчы ім ва ўсіх гэтых шасці пунктах, якія пералічаныя ў звароце. Сярод іх таксама ёсць дапамога ў выглядзе паставак зброі і вайсковай амуніцыі.
Сярод падпісантаў звароту – Уладыслаа Фрасынюк, Зоф’я Рамашэўская, Богдан Ліс ды іншыя вядомыя асобы. Зварот пад назвай „Абавязак дапамогі Украіне” быў агучаны ў час Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Коўне.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Коўна