Польскія консульствы выдалі беларусам 234 гуманітарныя візы



Камітэт Сената па замежных справах і Еўразвязе падсумаваў дзеянні польскіх уладаў па справе Беларусі.

«Дзякуючы польскім уладам пра сітуацыю ў Беларусі клапоцяцца найважнейшыя органы Еўразвязу», – заявіў падчас сесіі Камітэта Сената па замежных справах і Еўразвязе намеснік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык (Piotr Wawrzyk).

Ён падкрэсліў, што Польшча з’яўляецца ініцыятарам дзеянняў ЕЗ у дачыненні да Беларусі. У якасці прыкладу эфектыўнай палітыкі віцэ-міністр назваў спецыяльнае паседжанне Еўрапейскага савету:

– 19 жніўня па ініцыятыве Польшчы прайшло паседжанне Еўрапейскага савету, на якім абмяркоўваліся дзеянні ў дачыненні да Беларусі і беларускага грамадства, у тым ліку падтрымка пацярпелым у пратэстах. 24 жніўня міністры замежных спраў Польшчы і Швецыі накіравалі ліст высокаму прадстаўніку ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі па справе падрыхтоўкі канкрэтнага пакету дапамогі для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Пётр Ваўжык нагадаў, што ў жніўні прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі абвясціў план салідарнасці з Беларуссю, які, між іншым, прадугледжвае падтрымку рэпрэсаваных, стыпендыяльную праграму для студэнтаў і дапамогу незалежным СМІ:

– Польшча прызначыць на рэалізацыю згаданага плану 50 мільёнаў злотых. Цяпер ажыццяўляецца механізм, які спросціць працэдуру атрымання беларусамі польскай візы. Паводле дадзеных на 9 верасня, польскія консульствы выдалі беларускім грамадзянам 234 гуманітарныя візы тэрмінам дзеяння да аднаго году.

Намеснік міністра падкрэсліў, што абарона правоў польскай меншасці ў Беларусі павінна ажыццяўляцца такім чынам, каб беларускія палякі не падвяргаліся рэпрэсіям з боку ўладаў:

– Беларускія ўлады не звяртаюць увагі на тое, ці пратэстуюць мясцовыя палякі, ці беларусы. Падыход з боку праваахоўных органаў аднолькава жорсткі ў дачыненні да ўсіх.

Віцэ-міністр замежных спраў Пётр Ваўжык нагадаў таксама, што Польшча прымае ўдзел у падрыхтоўцы «чорнага спісу» беларускіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека ў краіне і фальсіфікацыі выбараў.

polskieradio.pl

Фота: gov.pl