Польскія мытнікі атрымалі самы сучасны сканер у Еўропе



Суперсканер як метад барацьбы з кантрабандай. Польскія мытнікі ў чыгуначным пункце пропуску ў Цярэспалі атрымалі сучаснае абсталяванне, якое не дае шанцаў кантрабандыстам.

img_0631

Гэта вялізны сканер, які можа працаваць адразу на тры чыгуначныя паласы, і які адмыслова спраектавала і пабудавала кітайская фірма Nuctech. Расказвае прэс-сакратар Мытнай управы ў Белай Падляскай – Мажэна Семенюк (Marzena Siemieniuk):

Гэта самы сучасны ў Еўропе сканер такога тыпу. І таксама самы сучасны сярод тых, якімі на сёння карыстаюцца польскія мытныя службы. Як адзінае падобнае абсталяванне, гэты сканер ахоплівае адразу тры чыгуначныя паласы. Гэта ўнікальнае абсталяванне для выкрывання нелегальных тавараў, небяспечных тавараў, а таксама рознага кшталту сховаў або ў таварных вагонах, або ў кантэйнерах, і пры гэтым без неабходнасці іх адкрыцця.

Кошт сканера складае 21 мільён злотых, гэтыя грошы пўнасцю вылучыла Міністэрства фінансаў Польшчы. Працы па ўсталяванні сканера пачаліся ў верасні 2014 года.

Паводле Мажэны Семенюк, сучасны сканер – вельмі неабходны, бо памеры кантрабанды ў чыгуначным пункце пропуску Цярэспаль-Берасце – ўражваюць. За першыя восем месяцаў бягучага года тут выкрылі нелегальных цыгарэт на агульную суму каля 17 мільёнаў злотых.

Агулам жа польскія мытнікі на падляшска-люблінскім адрэзку граніцы выкрылі ў студзені-жніўні 2016 года кантрабандных цыгарэт на суму 80 мільёнаў злотых, затрымалі 33 тысячы адзінак падробленых тавараў (найперш вопраткі і абутку). Таксама адзначаецца павелічэнне колькасці спроб нелегальнай перавозкі бурштыну. Сёлета затрымалі ўжо 1800 кілаграмаў бурштыну, які пераважна спрабавалі ўвесці ў Польшчу з Украіны.

З’явілася і новая „кантрабандная пазіцыя” – гэта сродкі аховы раслін ды іншыя прэпараты для сельскай гаспадаркі. Паводле экспертаў, значная іх частка мае невядомае паходжанне і склад.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

Fot. PKP LHS і Służba Celna