Польскія настаўнікі часова прыпыняюць забастоўку (абноўлена)



Польскія настаўнікі з 27 красавіка зробяць паўзу і не будуць баставаць да верасня. 

Пра гэта паведаміў старшыня прафсаюза польскіх настаўнікаў Славамір Броняж. Пры гэтым ён падкрэсліў, што прафсаюз ні сёння, ні ў наступныя дні не падпіша пагадненне, якое ўрад ужо заключыў з настаўнікамі з прафсаюза „Салідарнасць”:

– Забастоўка магла б працягвацца таму, што ўсе настаўнікі да гэтага гатовыя. Яна таксама магла б праводзіцца падчас выпускных экзаменаў. Гэта адрасавана ўраду і спадару прэм’еру Маравецкаму. Вы не паспелі б вырашыць гэту праблему, не былі б у стане замяніць нас – настаўнікаў падчас гэтага экзамену. Нягледзячы на тое, што вы рызыкавалі інтарэсамі вучняў, не ўзялі на сябе адказнасць за іх, гэту адказнасць на сябе павінны былі ўзяць мы – настаўнікі, дырэктары школ, а таксама бацькі і вучні, якія нас у гэтым падтрымлівалі.

Такі крок – гэта не прызнанне паразы. Перамогай з’яўляецца тое, што за 18 дзён забастоўкі грамадства змагло ўсвядоміць кім з’яўляецца настаўнік, колькі зарабляе, якая адказнасць ляжыць на ім, як выглядае яго праца, сярод іншага, ва ўмовах новай рэформы. Кажа Марыя Мешальска-Гарашкевіч старшыня беластоцкага аддзялення Саюзу польскіх настаўнікаў:

– Грамадства адно зразумела, што настаўнік з’яўляецца вялікай каштоўнасцю ў кожным грамадстве. Ён павінен атрымаць адпаведны заробак і працаваць у найлепшых умовах. Саюз польскіх настаўнікаў зʼяўляецца адпаведнай сілай, а таксама настаўнікі, каб абʼяднацца і паказаць, што настаўнік зʼяўляецца найбольшай каштоўнасцю ў грамадстве, бо навучае яго.

Перапынак не азначае завяршэння барацьбы за годнае жыццё і будучыню польскай асветы:

– Перапынак ад 6-й раніцы 27 красавіка. Здымем сцягі, плакаты, надпіс „Забастоўка” таксама. Мы гатовыя яе аднавіць з тымі ж патрабаваннямі. Гэта рэформа патрабуе зменаў, якія датычаць не толькі структуры, але і праграмы, змены ўсёй методыкі навучання вучня.

Выпускныя экзамены ў Польшчы пачнуцца 6 траўня. Навучальны год для вучняў апошніх класаў сярэдніх школ заканчваецца 26 красавіка. У гэты дзень выпускнікі павінны атрымаць атэстат аб вышэйшай адукацыі, бо гэта з’яўляецца ўмовай допуску да выпускных экзаменаў.

Перад заканчэннем навучальнага года павінны быць выстаўлены адзнакі, якія зацвердзіць педагагічная рада, чаго пакуль не адбылося з-за страйку настаўнікаў.

Бестэрміновая забастоўка настаўнікаў пачалася ў Польшчы 8 красавіка, у ёй удзельнічалі каля 80% школ і дзіцячых садкоў. Настаўнікі патрабуюць ад ураду павелічэння заробкаў на 30%.

Беларускае Радыё Рацыя