Польскія нацыяналісты будуць патруляваць вуліцу ў Беластоку
22 траўня на перайменаванай у гонар Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” вуліцы былі ўсталяваныя новыя шыльды. На наступны дзень невядомыя заклеілі іх налепкамі са словамі „злачынца” і „забойца”, а таксама нанеслі на сцены графіці з адпаведным зместам.
Сябры нацыяналістычнай арганізацыі „Усяпольская моладзь” (Młodzież Wszechpolska) паведамілі, што будуць патруляваць вуліцу, кажа старшыня арганізацыі Міхал Мікуцкі:
– Будзем кантраляваць парадак на гэтай вуліцы. Патрулі будуць дзейнічаць паводле закону, так калі б мы заўважылі асобу, якая спрабуе некага абрабаваць ці забіць, паспрабавалі б ёй перашкодзіць. Такім самым чынам, калі мы ўбачым асобу, якая паспрабуе замазаць назву вуліцы, то будзем нейкім чынам умешвацца.
Вуліца Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” перайменавана па ініцыятыве гарадскіх радных ад партыі „Права і справядлівасць” (Prawo i Sprawiedliwość). Супраць гэтай ініцыятывы выступілі праваслаўныя і мясцовыя беларусы.
10 траўня 1945 года польскія партызаны, падначаленыя Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”, спалілі беларускую вёску Вілюкі на Беласточчыне. Быў забіты жыхар вёскі Васіль Германюк. 22 траўня імі была спалена вёска Патока.
Падчас пажару загінулі трое дзяцей — Мікалай Герасімчук (10 гадоў), Ніна Герасімчук (8 гадоў) і Яўгенія Герасімчук (6 гадоў). За тыдзень да гэтага атрад расстраляў чатырох жыхароў вёскі Патока — Яна Бекіша, ягонага 15-гадовага сына Уладзіміра, а таксама братоў Яна і Уладзіміра Малашэўскіх. Іх абвінавацілі ў прыхільнасці да камуністычнай улады.
Лукаш Леанюк, Беласток, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Katarzyna Borsuk