Польскія палітыкі каментуюць рашэнне прэзідэнта Дуды



Накладзенае вета на змены ў закон «Аб нацыянальных ды этнічных меншасцях» — гэта доказ таго, што Анджэй Дуда не з’яўляецца прэзідэнтам усіх грамадзянаў Польшчы. Ён – партыйны прэзідэнт. Так ацэньваюць сітуацыю дэпутаты партыі «Грамадзянская платформа», якая пасля парламенцкіх выбараў сыходзіць у апазіцыю, Робэрт Тышкевіч і Томаш Цімашэвіч.

Cimoszewicz Tomasz ТVn24

Томаш Цімашэвіч:

— На Грабарцы прэзідэнт у прысутнасці тысячаў людзей, у тым ліку рэлігійных і нацыянальных меншасцяў, абяцаў сваю вялізную падтрымку для тых ініцыятываў, якія яны запрапануюць, і дбанне пра іх інтарэсы. Пасля выбараў, калі палітычная партыя, з якой ён звязаны, ўзяла пераважную большасць галасоў і самастойны ўрад, мы атрымалі першы сігнал, які ў меншасцяў выклікае падазрэнні, што да сапраўдных намераў прэзідэнта.  

tyszkiewicz tvn24

Робэрт Тышкевіч:

— Гэта паказвае, што ён чакаў, ажно да парламенцкіх выбараў, каб потым дэманстратыўна падтрымаць пазіцыю адной партыі. Прэзідэнт Дуда зрабіў непрыхільны жэст у дачыненні да меншасці і паказаў, што ён — партыйны прэзідэнт.

Змены ў закон  «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове» могуць трапіць пад разгляд новага склікання Сейма, як ініцыятыва дэпутатаў Падляшша ад партыі «Грамадзянскай платформа», — абяцае дэпутат Робэрт Тышкевіч.

27-га кастрычніка прэзідэнт Польшчы, Анджэй Дуда, наклаў вета на змены ў закон «Аб нацыянальных ды этнічных меншасцях».

Гэтыя змены дазвалялі б на ўзроўні тых паветаў, дзе пражываюць прадстаўнікі нацменшасці, афіцыйна выкарыстоўваць іх нацыянальную мову, нараўне з польскай.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: TVN24