Польскія памежнікі заявілі пра напад групы мігрантаў



Польскі памежны патруль быў атакаваны групай з 20 агрэсіўных мігрантаў на ўчастку заставы ў Дубічах Царкоўных на мяжы з Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы польскай службы.

«Патруль атакавала агрэсіўная група з 20 чалавек з беларускага боку, частка з іх была ў масках, кідалі камяні і галінкі, адзін чалавек цэліўся ў патруль Памежнай аховы, верагодна, з гладкаствольнай зброі. Замежнікі таксама стралялі з рагаткі, пашкоджаная службовая машына», – гаворыцца ў паведамленні.

Усяго за аўторак польскі бок зарэгістраваў спробы 60 мігрантаў нелегальнага прарыву мяжы. Шасцёра замежнікаў спрабавала пераправіцца праз раку Перавалока на вачах у польскага патруля, але вярнуліся на тэрыторыю Беларусі.

У Літве зарэгістравалі 5 спробаў парушэння мяжы. Латвійская пагранслужба паведаміла пра 147 спробаў. Пакуль гэта рэкордная колькасць у жніўні.

Беларускае Радыё Рацыя