Польскія сем’і правядуць Вялікдзень з украінскімі бежанцамі



Кіраўнік Канферэнцыі Епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандзецкі сказаў, што Рыма-каталіцкі Касцёл у Польшчы запрашае ўсіх да сумеснага святкавання Вялікадня.

У многіх дамах польскія сем’і правядуць святы з украінскімі бежанцамі, якіх прынялі ў свае хаты. Па словах дырэктара «Карытаса» Варшаўскай архідыяцэзіі айца Збігнева Зэмбжускага, гэта можа быць вялікі шанец для паглыблення веры ў Хрыста, які перамог усе грахі свету.

«Гэтыя святы павінны даць разуменне нам, каталікам, што такое скарб нядзелі і дар веры, а ён – звышчасовы. Прымаючы нашых сяброў з Украіны, у нас ёсць сведкі, што ўвасабляюць трагедыю, якую яны перажываюць, а гэтую трагедыю перажыў Езус на крыжы», – адзначыў айцец.

«На святы мы павінны, перш за ўсё, падарыць нашым гасцям з Украіны шмат цяпла», – сказаў Айцец Зэмбжускі. «Мы будзем маліцца разам і будзем слухаць адзін аднаго і словы Евангелля ўводзіць у штадзённае жыццё», – дадаў ён.

Вялікая Пятніца і Вялікая Субота – гэта адзіны час, калі ў Заходняй Царкве не служыцца святая імша. Увечары ў Вялікую Суботу, пасля захаду сонца, цэлебруецца ўрачыстая Велікодная літургія. Паводле літургічных канонаў, гэтая цырымонія адносіцца ўжо да Уваскрасення Гасподняга.

polskieradio.pl

Fot. Agnieszka Sadowska / Agencja Wyborcza.pl