Польскія службы затрымалі беларуса за шпіянаж на карысць Расеі
Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымалі беларуса. Яго падазраюць у шпіянажы. Беларус нібыта меў дачыненне да дзейнасці ў Польшчы шпіёнскай сеткі на карысць Расеі. Гэта ўжо шаснаццаты арыштаваны па гэтай справе.
„Затрыманы 1 жніўня супрацоўнікамі УУС — гэта 39-гадовы грамадзянін Рэспублікі Беларусь Міхаіл А. Гэта чарговая ўстаноўленая асоба, якая дзейнічае ў складзе злачыннай групы, якая выконвае заданні расейскіх спецслужбаў”. Паведамляе прэс-служба міністра-каардынатара спецслужбаў.
Беларус некалькі гадоў жыў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Паводле высноваў спецслужбаў, мужчына ў 2008-2010 гадах працаваў у Маскве, а пасля пераехаў у Санкт-Пецярбург. У Расеі ён адбыў шасцігадовае зняволенне.
Як паведамляе ABW, беларус прыехаў у Польшчу ў 2021 годзе і ўступіў у кантакт з каардынатарам шпіёнскай сеткі.
„З атрыманых звестак вынікае, што за выкананне задач, накіраваных на ўнутраную бяспеку і інтарэсы Рэспублікі Польшча, у тым ліку разведку крытычнай інфраструктуры, у тым ліку ваенных раёнаў і аб’ектаў і марскіх партоў, а таксама прапагандысцкую дзейнасць, ён атрымліваў сістэматычнае ўзнагароджанне”, – пра гэта паведамляе ABW.
Крыніца: RMF FM