Польскія веласіпедысты наведалі Берасце



Веласіпедная група з 70-ці польскіх турыстаў на выходных наведала Берасце.

У падарожжы пад назвай «У пошуку агульнай гісторыі», якое арганізоўваў Гарадскі асяродак культуры ў Цярэспалі, удзельнічалі веласіпедысты з Цярэспаля, Белай, Янава Падляшскага, Славатычаў ды іншых мясцовасцяў:

– Я мінусаў не заўважыла. Толькі плюсы. Усё добра. Экскурсаводы выдатныя. Можна даведацца шмат пра Берасце. Так што толькі плюсы. Іншае было ў мяне ўяўленне аб горадзе. Не спадзявалася, што так прыгожа, чыста. Людзі таксама пазітыўна настроены. Ёсць што паглядзець, хаця б таго самага ліхтаршчыка. Нейкія такія цікавосткі тут можна пабачыць. Так што я пад уражаннем. Гэта ўжо другі мой велапрабег. Я не бачыла ніякіх праблемаў. Можа і ёсць такі стэрэатып, што мытнікаў людзі (замежнікі) баяцца, але тут, напрыклад, беларускія мытнікі ў поўным парадку.

Падобныя велапрабегі ў Берасце з памежных польскіх гарадоў праходзяць рэгулярна. Згаданая група правяла ў горадзе над Бугам два дні. За гэты час турысты ўбачылі Берасцейскую крэпасць, сядзібу Нямцэвічаў, археалагічны і чыгуначны музеі, пешаходную Савецкую з ліхтаршчыкам, а таксама праехаліся па Мухаўцы на цеплаходзе. Акрамя таго, не засталася без увагі і рэгіянальная кухня ды напоі: дранікі з рознымі дадаткамі і мясцовае крафтавае піва.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя