Польскія журналісты дапамагаюць беларускім калегам
Асацыяцыя польскіх журналістаў сёння перадала адмысловае абсталяванне ў Беларускі цэнтр салідарнасці, які дзейнічае ў Варшаве. А яно патрэбнае для арганізацыі працы прэс-цэнтра. У гэтым дапамаглі польскія калегі. Сродкі на рэалізацыю праекта ў нас атрымалася знайсці, кажа каардынатар па міжнародных сувязях Асацыяцыі польскіх журналістаў і акцыі салідарнасці з Беларуссю Дарота Зелінская:
– Мы ўжо некаторы час арганізуем, падтрымліваем розныя ініцыятывы, каб дапамагаць беларусам, якія прыязджаюць у Польшчу. Ужо маем і стварылі прэс-цэнтр у рамках гэтай арганізацыі. Нам удалося знайсці сродкі на тое, каб закупіць тэхніку. Нашым беларускім калегам-журналістам тут, у Польшчы, будзе больш зручна працаваць.
Цырымонія перадачы тэхнікі для Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве ад партнёраў з Асацыяцыі польскіх журналістаў прайшла анлайн праз сацыяльныя сеткі. Польскія журналісты праводзяць больш маштабную акцыю салідарнасці з беларускімі калегамі, у яе рамках, як інфармацыйная кампанія ў Польшчы, так і адрасная фінансавая дапамога для асобных журналістаў, якія пацярпелі ў Беларусі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя