Помнікамі СССР зацікавіліся левыя палітыкі Нямеччыны



Савецкія манументы, якія дэмантуюць па ўсёй Украіне, могуць быць прададзеныя ў Еўразвяз. Помнікамі савецкай эпохі зацікавіліся левыя палітыкі Нямеччыны. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Украіна можа наладзіць прыбытковы бізнэс на помніках Леніну. Прадстаўніца “еўралевых” Анна Кельман з Нямеччыны запрапанавала экспартаваць у Еўразвяз скульптуры правадыра сусветнага пралетарыята, якія згодна закона “Пра дэкамунізацыю” цяпер дэмантуюць па ўсёй краіне. У Нямеччыне створаная адмысловая “Праграма абароны”, якая ўжо распачала збіраць грошы. Паводле “еўралевых”, гэта выключна прыватная ініцыятыва.

“Мы абавязкова ўратуем хаця б частку сусветнай спадчыны, якая патрапіла ў рукі вандалаў!” – запэўніла Анна Кельман.

Нямецкія “левыя” маюць багаты выбар манументальнай савецкай прапаганды: да 24 жніўня толькі ў Кіеўскай вобласці запланавана дэмантаваць усе эмблемы былога СССР і ўсе скульптуры камуністычных правадыроў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота kn.ks.ua