Помнікі Падляшша трапілі ў аб’ектыў наймалодшых жыхароў краю
У Беластоку падвялі вынікі першага ў горадзе фотаконкурсу для вучняў падляшскіх пачатковых школ «Падляшскі помнік».
Пра значэнне конкурсу распавяла арганізатар, сябра ваяводскага праўлення Веслава Бурнас:
– Хочам вачыма нашых дзяцей паказаць помнікі нашага рэгіёну. Тое, што паўстала даўно, засталося захаваным, і каб далей захоўваць. Здабыццё ўражанняў, узнагароды – гэта дзеці запомняць назаўсёды. Ну і акрамя таго яшчэ трэба знайсці гэтыя помнікі.
Сярод амаль 30 заявак журы конкурсу «Падляшскі помнік» адабрала самыя цікавыя фатаграфіі ў трох намінацыях. Сярод сфатаграфаваных аб’ектаў, якія былі ўганараваныя камісіяй, апынуліся выявы гістарычнай драўлянай капліцы на крыніцы ў Гадышэве, мячэць у Крушынянах, рэшткі касцёла ў Ялоўцы і палац Браніцкіх.
Беларускае Радыё Рацыя