Помніць пра бежанства



Чым было бежанства, і як падзеі 1915-1922 гадоў паўплывалі на гісторыю Падляшша? У супрасльскім тэатры Вершалін прайшла сустрэча, прысвечаная масавай эвакуацыі ў глыбіню Расеі – гэтак званаму бежанству. Перад дыскусіяй удзельнікі паглядзелі спектакль “Бежанства” тэатральнай трупы з Беларускага музея ў Гайнаўцы, створаны пад кіраўніцтвам акторкі Яанны Троц.

У  дыскусіі таксама прымала ўдзел аўтарка кніжкі, прысвечанай бежанству, “Надзея ажно па небакрай” Барбара Гаральчук. Паводле яе, трэба каб як мага больш людзей ведала пра падобныя падзеі, трэба ўвесці ў праграму навучання моладзі элементы рэгіянальнай гісторыі:

– Нашая моладзь пра бежанства нічога не ведае. Пра Першую сусветную вайну яны ведаюць, што быў фронт у Ардэнах, фронт у Расеі, а што было на нашых землях, яны не ведаюць. Трэба гаварыць пра трагедыю нашых людзей, пра нашую гісторыю, каб моладзь нясла гэтыя веды далей.

Як дадае Барбара Гаральчук, тэма бежанства была ўзнятая з нагоды 100-й гадавіны эвакуацыі, аднак трэба і надалей яе працягваць у выглядзе мерапрыемстваў ды гістарычных даследаванняў. Паводле розных крыніцаў, з 5 беларускіх губерній Расейскай імперыі ўцякло перад нямецкім фронтам каля 2 мільёнаў чалавек.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота dsh.waw.pl