Поўная забарона абортаў? „Чорны пратэст” у Беластоку



“Чорны пратэст” у Беластоку сабраў каля 200 чалавек, якія выступаюць супраць поўнай забароны абортаў у Польшчы, у тым ліку, калі цяжарнасць стала вынікам гвалту і ў выпадку развіцця плода з сур’ёзнымі парушэннямі. Акрамя таго, за выкананне аборту прадугледжваецца тэрмін зняволення, а ў выпадку, калі жанчына страціць цяжарнасць, яна будзе мець размову ў пракуратуры з мэтай праверкі, ці не былі гэта наўмысныя дзеянні.

Адпаведны законапраект “Стоп абортам” у пятніцу 23 верасня польскі Сейм разгледзеў і большасцю галасоў накіраваў да далейшай распрацоўкі.

dsc05049

Кажа адна з арганізатараў “Чорнага пратэсту” – Магдалена Міпс з партыі “Разам”:

Я не магу нават уявіць сабе, каб у нашай дзяржаве жанчыны, дзяўчынкі, якія былі згвалтаваныя – не маглі пазбавіцца такой цяжарнасці, і каб 12-гадовыя дзяўчынкі былі вымушаныя нараджаць дзяцей сваіх гвалтаўнікоў. Не дапушчальна тое, каб жанчыны, якія цяжарныя, і існуе небяспека для іх жыцця, бо ёсць праблемы з цяжарнасцю, каб яны не маглі б гэтай цяжарнасці пазбавіцца.

dsc05041

dsc05020

Амаль усе прысутныя на пратэсце супраць поўнай забароны абортаў былі апранутыя ў адзенне чорнага колеру. У руках частка ўдзельнікаў трымала плакаты з надпісамі “НЕ для варварства ў дачыненні да жанчын”, “Будуеце пекла для жанчын” ды іншыя. Кажа ўдзельнік пратэсту:

Жанчына павінна сама кіраваць сваім целам, а не яе целам кіруе нейкі мужчына, якому больш за 60 гадоў і які ніколі пры гэтым яшчэ не меў дзяцей.

Паміж выступамі падчас пратэсту гучалі воклічы. Між іншым: “Вольнасць, роўнасць, бяспека. Дзе вашая чалавечнасць?”, “Ганьба”, “Гэты закон парушае нашыя правы” ды іншыя. Адна з удзельніц прынесла з сабой звычайную “вешалку” для вопраткі, нагадваючы пра тое, што такімі “інстументамі” робяцца падпольныя аборты, калі няма дазволу на іх легальнае правядзенне.

dsc05028

Пратэст праходзіў каля будынка Управы Падляшскага ваяводства, блізу цэнтру Беластока. Адразу з іншага боку дарогі, насупраць гэтага пратэсту, стала невялікая група людзей, якія наадварот выступаюць за поўную забарону абортаў. Сярод іх – шмат маладых людзей і некалькіх манахінь.

Кажа старэйшы мужчына, які трымае ў руках плакат са здымкам (які з увагі на этычныя пытанні, мы не выстаўляем на сайце):

Я выступаю катэгарычна “ЗА” жыццё. Мне абсалютна чужыя погляды тых людзей, з таго боку вуліцы. Гэта поўнасцю ліберальныя погляды, якія аспрэчваюць натуру. І тыя погляды супраць Касцёла, супраць веры, Бог забараняе забіваць.

Маладая манахіня:

Пра якія правы жанчын тут гаворыцца? У час абортаў у некаторых краінах забіваюць толькі дзяўчынак, а хлопчыкаў пакідаюць жыць. То якія гэта права жанчын? Акрамя таго, вы паглядзіце, колькі жанчын памірае ў выніку абортаў, а колькі жанчын пасля гэтых абортаў не могуць пазней нарадзіць дзіця. А потым жаляцца, што яны не могуць мець дзяцей.

У той жа час з іншага боку вуліцы чутно:

Мы не можам дазволіць, каб палітыкі вырашалі за нас нашае жыццё.

– Не можа быць так, што жыццё дзіцяці мы ратуем, а жыццё маці – не. Гэта нейкі здзек.

Гучаць аргументы пра тое, што дзяржава, якая цяпер у твары ўраду (кіроўная партыя ў Польшчы – гэта “Закон і Справядлівасць) патрабуе поўнай забароны абортаў, пры гэтым абсалютна не дапамагае тым сем’ям, а часта адзінокім маці, які гадуюць дзяцей з глыбокімі парушэннямі развіцця.

dsc05036

Адзначым, што цяпер у Польшчы таксама дзейнічае забарона абортаў. Але не поўная. Ёсць некалькі выпадкаў, калі дазваляецца правядзенне аборту. Гэта, напрыклад, калі цяжарнасць стала вынікам гвалту, калі цяжарнасць пагражае здароўю або жыццю самой жанчыны, і калі ёсць сур’ёзныя парушэнні ў развіцці плода. Новы законапраект прадугледжвае ліквідацыю і гэтых выняткаў.

Акрамя таго, Сейм таксама разглядае законапраект, які тычыцца так званага “штучнага апладнення”, і які мае зрабіць больш жорсткімі правілы правядзення гэтай медычнай аперацыі. Хоць многія медыкі выказваюцца, што планаваныя змены могуць зрабіць апладненне з выкарыстаннем тэхналогіі ЭКА – практычна немагчымым.

Паводле красавіцкага апытання грамадскай думкі, большасць палякаў выказалася супраць таго, каб Закон, які тычыцца абортаў, станавіўся больш жорсткі. Але апытанне праводзілася яшчэ да агучвання новага законапраекту.

Гукавы рэпартаж з “Чорнага пратэсту” ў Беластоку прагучыць у нашым ранішнім эфіры 26 верасня.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.