Познань: Жыхары ў чарзе на выбарчыя ўчасткі
У нядзелю а 7-й гадзіне пачалося галасаванне ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. У ім прымаюць удзел Анджэй Дуда і Рафал Тшаскоўскі.
Побач з галоўным чыгуначным вакзалам, а 16-й гадзіне дня пры абласной выбарчай камісіі нумар 21 актыўны рух. Людзі заходзяць парамі, прыязджаюць з дзецьмі, таксама на роварах. На прыступках стаіць вялікая сям’я з валізкаю. Усцяж падцягваюцца людзі розных пакаленняў. Сярод іх — 70-ці гадовы пан Ежы родам з Беластока:
– Галасаваць — гэта абавязак кожнага паляка, так як ён лічыць згодна з сумленнем і жаданнем нешта памяняць. Я прыйшоў, таму што сённяшняя сітуацыя не з’яўляецца камфортнай – нас падманваюць. Усё даволі складана, і не ўсе гэта разумеюць. Шмат хто не задумваюцца, адкуль браліся грошы ў межах праграмы «500+». Калі дзяржава пачынае дадрукоўваць новыя грошы большага намінала, гэта сведчыць аб тым, што недзе ёсць вялікі доўг. Так было раней, калі мільёны пазычаліся. Нажаль, мы можам да гэтага вярнуцца.
Маладыя дзяўчаты 24-х гадоў таксама актыўна ўдзельнічаюць у галасаванні:
– Я прыйшла, таму што мне не падабаецца бягучая сітуацыя ў краіне. Ведаю, што мой голас лічыцца і гэта мой абавязак прыйсці, бо хачу перамен да лепшага. Гэта першы раз, калі я галасую на прэзідэнцкіх выбарах. У маімі атачэнні ўсе: і сям’я, і знаёмыя актыўна галасуюць. Гэта добра, бо калі маем вызначацца і вырашаць, то вырашайма ўсе.
– Сёння я тут, бо не хачу пазней шкадаваць, што не прыйшла. Нават гатовая праехаць 140 км, каб патрапіць сюды. Падчас першага тура жыла ў Познані, цяпер ужо не. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах таксама прымала ўдзел у галасаванні. Падзялілася сваімі ўражаннямі і 78-мі гадовая пані Ядвіга:
– Усе мае блізкія актыўна ўдзельнічаюць у выбарах. Прыйшла і я, таму што з новым кіраўніцтвам нічога не памяняецца – можа быць толькі горш. Цяперашняя ўлада збольшага выконвае абяцанні. У красавіку, для прыкладу, пачаліся выплаты 13-й пенсіі. Ня варта руйнаваць ранейшыя дасягненні. Новым людзям прыйшлося б вучыцца, пачынаць нешта наноў. Я не веру, што ў іх атрымаецца.
Зусім інакш выглядае сітуацыя пры акружной выбарчай камісіі нумар 82, якая размясцілася ў будынку школы недалёка ад цэнтру гораду. Навучальныя ўстановы вельмі шырока выкарыстоўваюць у якасці выбарчых участкаў. Тут няма чэргаў, адзінкавыя выбарцаў ў масках і таблічкі са сцягамі пры ўваходзе нагадваюць, што выбарчы працэс трывае. Прагаласаваць можна будзе да 21-й гадзіны. Так пракаментаваў сваю прысутнасць малады чалавек, які прыйшоў на ўчастак са сваёй жонкай:
– Я галасую заўсёды, як толькі гэта стала магчымым. Падаецца, што і ў нашым атачэнні галасуюць усе. З кожнымі выбарамі лічба ахвотных прагаласаваць расце. Гэта як звычай альбо абавязак. Я тут прапісаны і гэта мая выбарчая камісія, таму сёння прыйшоў сюды ў другі раз за апошнія два тыдні. Амаль ніякай чаргі. У сувязі з санітарнымі абмежаваннямі толькі 2 чалавекі адначасова чакалі, каб аддаць галасы. Знайшоў сябе ў спісе выбарцаў, падпісаўся, атрымаў і запоўніў выбарчы бюлетэнь. Закінуў яго да урны на якой былі дзве пячаткі. Усё прайшло добра. Прагаласаваў толькі з-за ўнутранай патрэбы, абавязку. Ніякай іншай матывацыі.
Калі будуць вядомыя вынікі?
У Дзяржаўнай Выбарчай Камісіі адзначылі, што Закон аб галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе прадугледжвае, што камісія чакае 48 гадзін на пратаколы з-за мяжы, а не 24 гадзіны, як гэта звычайна прадугледжана Выбарчым кодэксам. Песімістычны сцэнар закладае, што выніку будуць у аўторак а 23-й гадзіне. Магчымы і аптымістычны сцэнар, паводле якога афіцыйныя вынікі выбараў будуць вядомыя з панядзелка на аўторак. Гэта залежыць ад замежных краін, там дзе ёсць найбольш тэхнічных мерапрыемстваў для выканання. Напярэдадні, Нацыянальная Выбарчая Камісія апублікавала афіцыйныя вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Познані:
Дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда набраў 22,98% (68 806 галасоў). За Рафала Тшаскоўскага тады прагаласавалі 47,47% (142 110 галасоў).
Яўка ў Познані склала 72,85%
Колькасць выбарцаў, якім выдалі бюлетэні – 297 305. Колькасць несапраўдных галасоў – 691 Колькасць сапраўдных галасоў – 299390
Падчас прэзідэнцкіх выбараў Познань падзяліўся на 251 выбарчых акругаў. У некаторых выпадках галасаванне па некалькіх выбарчых акругах адбываецца ў адной установе.
Два тыдні таму, калі адбывалася галасаванне ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў, жыхары Познані скардзіліся на занадта вялікія чэргі. Перад некаторымі выбарчымі ўчасткамі яны чакалі паўтары гадзіны. У вялікай ступені гэта было звязана з неабходнасцю даць выбарчым камітэтам рэкамендацыі, як лепш арганізаваць сваю працу.
Паводле інфармацыі, прадстаўленай камісарам па выбарах у Познані Кшыштафам Юзафавічам, да гадзіны 12-й у Познані прагаласавала 26,97% упаўнаважаных. Пяць гадоў таму ў аналагічны час яўка склала крыху больш за 15%. На сёлетніх выбарах прагаласаваць на адпаведным выбарчым участку могуць 397 586 жыхароў Познані. Людзі старэйшыя за 60 гадоў, цяжарныя жанчыны, людзі з дзецьмі да 3-х гадоў і інваліды могуць скарыстацца з права прагаласаваць на выбарчых участках без чаргі – так вынікае з распараджэння Міністэрства Здароўя.
Па дадзеных з 17:00 у Познані яўка склала 55,8%. Гэта трэці вынік у краіне, дзе ў цэлым яўка склала 52,1%.
Стэфан Глушакоў, Беларускае Радыё Рацыя