Пра бяспеку дзяцей у інтэрнэце гаварылі ў Беластоку
Як клапаціцца пра бяспеку дзяцей онлайн? Што значыць быць уважлівымі бацькамі? Як аберагчы дзяцей ад спакус у інтэрнэце? Пра гэта гаварылі ў Беластоку падчас сустрэчы ў межах кампаніі “Уважлівыя бацькі”.
Паводле дадзеных, кожны чацвёрты падлетак сустрэў асобу, з якой пазнаёміўся ў інтэрнэце. Толькі 40 адсоткаў сказала пра гэта бацькам. Як кажа спецыялістка варшаўскага фонда “Даем дзецям сілу” Эва Дземідовіч, найлепш з маленства будаваць такія адносіны, у якіх дзеці не будуць баяцца гаварыць нам пра розныя рэчы.
– У выпадку спраў, звязаных з інтэрнэтам, дзеці часта баяцца расказваць пра іх бацькам, каб тыя не забралі ў іх тэлефон ці планшэт і доступ да інтэрнэту. Таму трэба паказаць дзіцяці, што незалежна ад таго, што ён нам скажа, мы не адштурхнем яго, ён можа нам даверыць свае праблемы.
Паводле польскай паліцыі, спраў, звязаных з выкарыстаннем дзяцей з дапамогай інтэрнэту ў гэтым годзе каля тысячы. Аднак гэта толькі некалькі адсоткаў усіх здарэнняў, сказаў падчас сустрэчы Славамір Ізбовіч з Упраўлення падляшскай паліцыі. Кампанію “Уважлівыя бацькі” праводзіць праваслаўны асяродак міласэрнасці ЭЛЕОС і варшаўскі фонд “Даем дзецям сілу”.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток