Пра генацыд габрэяў згадалі ў Бельску Падляшскім
З 2-га па 11-га лістапада 1942 года нацысты ліквідавалі бельскае гета, мясцовых габрэяў вывезлі ў беластоцкае гета i ў канцлагер у Трэблінцы, частку іх расстралялі на вуліцы Ягелонскай у Бельску Падляшскім.
Жыхары Бельска 14 лістапада ўрачыста адкрылі на месцы знаходжання бельскага гета па вуліцы Казімежоўскай мемарыяльную дошку з надпісам «Пляц памяці бельскіх габрэяў».
З ініцыятывай увекавечыць памяць пра бельскіх габрэяў выступіў Фонд Аховы спадчыны Бельскай зямлі.
Кажа старшыня фонду Барбара Бабулевіч:
– У міжваенны перыяд габрэі складалі вялікі працэнт жыхароў Бельска – каля 40 працэнтаў. Была гэта меншасць у Бельску, але вельмі істотная. Многія людзі, якія прыходзілі на сустрэчу, казалі пра габрэйскае насельніцтва як пра калегаў, суседяў, гандляроў, па-рознаму згадвалі, але заўжды добра.
Мы абавязаны падтрымліваць памяць аб нашых даўніх месцічах, лічаць прысутныя на адкрыцці дошкі жыхары Бельска Падляшскага:
– Каб нашыя ўнукі ведалі, што гэта было. Гісторыю трэба ведаць.
– Трэба ўсіх помніць, хто якой веры быў, усіх трэба паважаць.
– Я так разумею, што трэба аднаўляць гэтыю памяць – пра гэтую меншасць, пра гэтыя здарэнні.
-Ведаем, што да Другой святовай вайны палову жыхароў Бельска складалі габрэі. Як раз у нашым горадзе габрэі мелі значныя пазіцыі.
Угодкі 75-й гадавіны гібелі бельскіх габрэяў перанесліся ў гарадскую бібліятэку, дзе згадалі ўспаміны сведкаў ліквідацыі бельскага гета, а моладзь з мясцовай Пачатковай школы № 4 прэзентавала сцэнкі з жыцця падляшскіх габрэяў. Адбыліся таксама даклады даследчыкаў габрэйскай культуры з Бельшчыны Андрэя Вэрэса і Збігнева Раманюка.
[Not a valid template]
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя