Пра легенду беларускага школьніцтва распавялі на бельскай сцэне



Пра легенду беларускага школьніцтва распавялі на бельскай сцэне. У Бельскім доме культуры паказалі спектакль «Добры дзень, Яраслаў Васільевіч». Тычыцца ён асобы пасляваеннага сустваральніка беларускай школы і дырэктара Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім Яраслава Кастыцэвіча. У спектаклі зайгралі ў між іншым выпускінкі ды вучні Пачатковай школы № 3, названай іменем дзеяча, ды бельскага белліцэя, а таксама моладзь з гайнаўскага белліцэя. «Глядзець чарговыя спектаклі кожны раз прыходзяць новыя асобы – у тым ліку даўнія вучні Яраслава Кастыцэвіча»,— кажа мастацкі кіраўнік спектакля, Яанна Троц:

Яны прыносяць новыя гісторыі, новыя жарты і гэтыя спектаклі можна было б пацягнуць далей, бо гэтых гісторый вельмі шмат і вельмі файных.

Юлія Скарбіловіч:

Гэта вельмі важная тэма, бо Кастыцэвіч быў вялікім чалавекам, стварыў гэтую школу і я яму за гэта вельмі ўдзячная.

Пётр Свідэрскі:

Чарговы раз мы выступаем, але перад кожным выступам пачуваемся нібы ўпершыню выходзячы на сцэну. Думаю, гэта вельмі добра, бо дадае энергіі.

Яанна Троц атрымала ад Аб’яднання «Бельская Кааліцыя» дыплом з падзякай за падрыхтоўку разам з моладдзю спектакля, а таксама за працу для культуры Беласточчыны ў рамках дзейнасці яе фонду, тэатра «Czrevo». У планах чарговыя паказы спектакля «Добры дзень, Яраслаў Васілевіч» напрыканцы лістапада ў Драматычным тэатры ў Беластоку ды ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Варшаве.

[Not a valid template]

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя