Праабражэнне Гасподняе на Святой гары Грабарцы (абноўлена)
Каля 4 тысяч вернікаў прыехала на свята Праабражэння Гасподняга на Cвятую гару Грабарку. Галоўную літургію праводзіў патрыярх Антыёхіі ды ўсяго Усходу Іаан Х, а таксама намеснік праваслаўнай царквы ў Польшчы мітрапаліт Сава. У час святочнай літургіі маліліся за вернікаў абодвух цэркваў, за мір, талерантнасць і рэлігійную свабоду. Як адзначыў у павітальным слове Іаан Х, праваслаўная царква на Падляшшы адыгрывае важную ролю ў дыялогу з Каталіцкім Касцёлам.
– Годная пахвалы роля, якая была даверана вашай царкве. Гэта таксама ўзвядзенне моста паміж праваслаўнымі і каталікамі. Любоў і братэрства – да гэтых каштоўнасцяў неаднаразова заклікаў нас наш Пан.
У час галоўнай літургіі патрыярх Антыёхіі прасіў маліцца ў інтэнцыі спакою ў Сірыі, а таксама заклікаў да рэальнай падтрымкі.
– Звяртаемся сёння з заклікам да ўсяго свету: спыніце эксрэмізм і тэрарызм, пакуль яны не сталі пакараннем для ўсяго свету. Наш народ мае права жыць з пачуццём бяспекі. Было б лепей і для ўрада, і тых, што пераймаюцца лёсам уцекачоў і жадаюць прыняць іх, каб дамагаліся любой цаной увесці мір на Блізкім Усходзе.
Прысутнасць патрыярха Антыёхіі ды ўсяго Усходу Іаана Х на Святой гары Грабарцы – гэта гістарычная падзея і першы візіт у дзеях.
[Not a valid template]
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі
* * *
19-га жніўня Праваслаўная Царква адзначае свята Праабражэння Гасподняга. У гэты дзень духавенства ды вернікі збіраюцца на Святой гары Грабарцы, што на Падляшшы. Галоўная святочная літургія пачнецца а 10-й. Узначаліць яе мітрапаліт Варшаўскі і ўсея Польшчы Сава ды грэка-праваслаўны патрыярх Антыёхіі ды ўсяго Усходу Ян Х.
“Гэта вельмі важная падзея для праваслаўя ў Польшчы,” – лічыць айцец Яраслаў:
– Кожны візіт кіраўніка іншай царквы вельмі важны, тым больш, калі гэта патрыярх Антыёхіі. Мы ведаем, што зараз адбываецца ў Сірыі, колькі людзей там гіне штодня. Таму ўсе мы аб’ядноўваемся ў малітве, бо малітвай можна ўсё перамагчы.
Урачыстасці, звязаныя са святам, пачаліся ўжо ўвечары 18-га жніўня. Сабралі яны тысячы вернікаў – у першую чаргу праваслаўных, але на “Гару Крыжоў” прыязджае што раз больш вернікаў іншых веравызнанняў. Грабарка з’яўляецца мэтай праваслаўных паломніцтваў ужо з пачатку 15-стагоддзя.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя