Праблемы ўкраінска-беларускай мяжы
У Чарнігаве адбылося чарговае паседжанне ўкраіна-беларускай дэмаркацыйнай камісіі. Мэта сустрэчы памежнікаў – канчатковая дэмаркацыя межаў і ўсталяванне памежных знакаў. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Агульная працягласць ўкраінска-беларускай дзяржаўнай мяжы складае 1084 кіламетры. Ва Украіне яна праходзіць па поўначы Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей, у Беларусі – на поўдні Берасцейскай і Гомельскай. Але ў некаторых памежных раёнах такая мяжа існуе толькі на мапах. Дагэтуль шмат дзе не існуе ані кантрольна-следавой паласы, ані нават памежных знакаў.
Мэта чарнігаўскай сустрэчы ўкраінскіх і беларускіх памежнікаў – вызначэнне дзяржаўнай мяжы з адпаведнай атрыбутыкай непасрэдна на мясцовасці. Але дэмаркацыя межаў, паводле спецыялістаў, вымагае шмат часу з прычыны забалочанасці беларуска-ўкраінскага памежжа, а таксама спецыфічных умоваў у зонах радыяцыйнага забруджвання Чарнобыльскай АЭС. Канчаткова ўкраінска-беларускі „кардон” дэмаркуюць толькі праз некалькі гадоў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота hvylya.net