“Прадмова” ў Вільні
Другі дзень фэсту інтэлектуальнай кнігі ў Вільні пачаўся з прэзентацыі кнігі мэтра беларускай літаратуры Уладзіміра Някляева “Сам”. Гэтая кніга прасякнутая думкамі пра Радзіму і развагамі пра чалавека, які знаходзіцца ў выгнанні сам-насам, а таксама раскрывае іншыя філасофскія тэмы.
Паводле аднаго з арганізатараў імпрэзы Паўла Баркоўскага, фестываль “Прадмова” ў сталіцы Літвы адметны сваёй паэтычнай часткай, бо Вільня – гэта горад паэтаў і паэзіі.
– У кожным горадзе ў нас звычайна нейкая свая цікавостка. Калі ў Варшаве, напрыклад, была вялікая тэатральная праграма і канцэрт, то ў Літве, у Вільні, у нас менш усяго тэатральнага, затое ёсць цікавыя паэтычныя выступы, і вельмі многа. Да таго ж тут адбудзецца, на мой погляд, вострая, актуальная на сёння дыскусія па спрэчным пытанні літоўска-беларускіх стасункаў – чыя Вільня і гэтак далей.
Сёння падчас фестывалю “Прадмова” ў Вільні пройдуць дыскусія на тэму “Літва ці Летува”, літоўска-беларускі дыялог паэтаў. А скончыцца ўсё Ноччу паэзіі, у якой будуць удзельнічаць Андрэй Бастунец, Сабіна Брыло, Павел Горбач, Марыя Мартысевіч, Ванда Марцінш Душ Рэйш, Дар’я Роскач, Сяргей Сыс, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Шакель.
Беларускае Радыё Рацыя