Прадстаўлены праект бюджэта Бельска на 2018



Паводле прапанаванага бюджэта на 2018 год – выдаткі Бельска складуць 121 мільён. 109,5 млн злотых – гэта ацэначны даход у бюджэт горада. Дэфіцыт ацэнваецца на 11,5 млн.

“Гэта толькі праект новага бюджэта, але ўжо можна сказаць, што ён рэкордны ды гістарычны”, – кажа бургамістр Бельска-Падляшскага Яраслаў Бароўскі:

– Ён найбольшы ў гісторыі Бельска, а таксама найбольшы ў паўднёвай частцы Падляшскага ваяводства. Гэта вынікае з таго, што 2018 год сярэдзіна еўразвязаўскага фінансавання 2014-2020. Гэта год, калі большасць праектаў ідзе на рэалізацыю.

Адным з такіх праектаў з’яўлаецца ўпарадкаванне водазабеспячэння і каналізацыі на 35 вуліцах. Гэта праца, якая будзе праводзіцца цягам трох гадоў. Вартасць – 71 мільён злотых, з чаго ў бюджэт на 2018 год трапіць 18,3 мільёна злотых.

На гарадскія дарогі прызначаецца 5,4 мільёны. Усяго на гарадскія інвестыцыі прызначана 35 мільёнаў. Горад чакае на завяршэнне некалькіх конкурсаў – адзін з іх мае дапамагчы прафінансаваць пабудову Бельскага цэнтра культуры.    

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

Фота аўтара