Прадстаўнікі дэмакратычных колаў Беларусі на Эканамічным форуме 2020 (абноўлена)



На прэс-канферэнцыі ў рамках Эканамічнага форуму у польскім Карпачы міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што пратэсты ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў кіраваныя Захадам.

Кіраўнік польскай дыпламатыі не ўбачыў у гэтай заяве нічога новага, адзначыўшы, што такой рыторыкай карысталіся камуністы ў часы польскай «Салідарнасці».

– Гэта абсурдныя інсінуацыі. Упэўнены, што такога кшталту аргументацыя абразлівая для беларускага грамадства. Я належу да пакалення „Салідарнасці” і памятаю, што ўлады ў кожнай сталіцы Усходняй Еўропы, там, дзе кіравалі камуністы, сцвярджалі, што рух „Салідарнасці”, рух 10 мільёнаў палякаў таксама быў кантраляваны звонку. Абсалютна нічога новага. Складана надаваць шмат увагі такім сцвярджэнням.

Збігнеў Рау сёння правёў сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, на якой,  між іншым, была абмеркавана сітуацыя ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Польшча запускае адмысловую праграму для беларускіх кампаній. „Запускаем праграму, адрасаваную кампаніям, фрылансерам і стартапам, якія сёння адчуваюць вялікую палітычную нявызначанасць у Беларусі і шукаюць бяспечнае месца”, – абвясціла ў Карпачу намеснік прэм’ер-міністра Польшчы, міністр развіцця Ядзвіга Эмілевіч. „Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі абавязаў падрыхтаваць праграму, якая прымусіць маладыя тэхналагічныя кампаніі, якія працуюць сёння і працуюць на беларускім рынку, знайсці свой бяспечны порт у Польшчы”, – заявіла Эмілевіч на брыфінгу падчас эканамічнага форуму. Як  адзначыла Эмілевіч, менавіта таму міністэрства запускае праграму „Польская дзелавая гавань”.

* * * 

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня падзеі ў Беларусі прыцягнулі ўвагу ва ўсім свеце. Таму Эканамічны форум, які на працягу 30 гадоў абмяркоўвае важнейшыя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя тэмы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у гэтым годзе будзе прысвечаны бягучай сітуацыі і будучыні Беларусі. Пасяджэнні Эканамічнага форуму ў Карпачы дадуць магчымасць сустрэцца з вядучымі дзеячамі дэмакратычных і дзелавых колаў Беларусі.

Святлана Ціханоўская таксама возьме ўдзел у Эканамічным форуме. Лідар дэмакратычных колаў Беларусі прыняла запрашэнне арганізатараў – гэта будзе яе першая замежная паездка ў якасці лідара апазіцыі. Сярод дзясяткаў іншых гасцей з Беларусі ў Эканамічным форуме возьмуць удзел Павел Латушка, Аляксандр Дабравольскі – члены Каардынацыйнай рады па перадачы ўлады ў Беларусі, Аляксандр Зарэмбюк – Беларускі дом, Дзмітрый Новікаў – Еўрапейскае радыё для Беларусі і Валянціна Сіліна.

Сярод амаль 200 тэм дыскусійных панэляў і семінараў, падрыхтаваных на Эканамічным форуме, госці з Беларусі прымуць удзел у серыі дэбатаў, прысвечаных сваёй краіне: „Беларусь – што далей?”, „Паміж Еўропай і Расеяй. Будучыня Беларусі” і „Еўропа пасля пандэміі: Салідарнасць, свабода, супольнасць? ”

Эканамічны форум пройдзе ў Карпачы з 8 па 10 верасня.

Паводле прэс-рэлізу

Фота: forum-ekonomiczne.pl