Прадстаўнікі левых сіл правялі выбарчую сустрэчу ў Бельску-Падляшскім



“Мы супраць таго, каб з ваенных злачынцаў рабіць герояў”  – сказаў лідар партыі “Разам” Адрыян Зандбэрг падчас выбарчай сустрэчы ў Бельску-Падляшскім. Кандыдаты ў дэпутаты ад Левых апрача прадстаўлення сваёй праграмы казалі пра нязгоду з цяперашняй гістарычнай палітыкай Польшчы.

Гавораць Адрыян Зандбэрг і Катажына Расіньская — кандыдаты ў Сейм ад левых сілаў:

– У Ольштыне ва ўправе ваяводства Рамуальд Райс „Буры” – чалавек, адказны за ваенныя злачынствы, быў прадстаўлены на выставе, арганізаванай уладамі ваяводства, як герой, як сімвал падполля.

– У красавіку 2018 года радныя Беластоку ўхвалілі рашэнне назваць адну з беластоцкіх вуліц імем Зыгмунда Шэндзеляжа „Лупашкі” – ваеннага злачынцы. Пасля мясцовых выбараў абвясцілі, што гэтая назва будзе змененая. Аднак так не здарылася.

– “Левіца” не дазволіць, каб з ваенных злачынцаў рабілі герояў.

Зандбэрг стартуе з варшаўскага спісу, за які могуць галасаваць грамадзяне Польшчы за мяжой. Расіньска балатуецца па Беластоку. Пасля сустрэчы з выбаршчыкамі каля бельскай ратушы актывісты левых сілаў усклалі кветкі да помніка ахвярам атраду „Бурага” на мясцовых могілках.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя