Прадстаўнікі мясцовага самакіравання абмеркавалі з ваяводам дапамогу бежанцам з Украіны



Мясцовая дапамога бежанцам з Украіны і каардынацыя дапаможных мерапрыемстваў – асноўныя тэмы працоўнай анлайн-сустрэчы прадстаўнікоў мясцовага самакіравання Падляшша з ваяводам Багданам Пашкоўскім. У перамовах, якія адбыліся 9 сакавіка, прыняў удзел, у прыватнасці, маршалак Артур Касіцкі.

Маршалак паведаміў, што вядзецца праца па пошуку еўрапейскіх сродкаў для падрыхтоўкі мэтавых месцаў пражывання бежанцаў, якія прыбудуць у рэгіён.

— Гэта будзе прыкладна 17-18 мільёнаў злотых. Гэтыя грошы таксама можна выкарыстаць на іншыя віды дзейнасці, напрыклад, на догляд, юрыдычныя кансультацыі, – сказаў Артур Касіцкі. Як адзначыў ён, грошы плануецца размеркаваць у супрацы з падляшскімі органамі мясцовага самакіравання.

Маршалак прапанаваў стварыць гарачую лінію для людзей, якія хацелі б дапамагчы ўкраінцам, якія ратуюцца ад канфлікту. Такая гарачая лінія ўжо дзейнічае ў Сувалках.

Гаварылі і аб законапраектах, якія датычацца фінансавання знаходжання ваенных бежанцаў дзяржавай. Па словах ваяводы Пашкоўскага, зараз у гэтым пытанні вядзецца заканадаўчая праца.

Ён паведаміў, што на дадзены момант у Падляшскім ваяводстве знаходзіцца каля тысячы бежанцаў з Украіны.

wrotapodlasia.pl