Прадстаўнікі слонімскіх дэмакратычных сіл з візітам на Падляшшы



Сябры кааліцыі правацэнтрысцкіх сіл і грамадскіх арганізацый Слонімшчыны, запрошаныя Беларускім домам у Варшаве, знаёмяцца з досведам мясцовага самакіравання ў Польшчы.

Адзначае старшыня Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– Прыехалі пераймаць досвед пабудовы мясцовага самакіравання, а таксама развіцця грамадзянскай супольнасці. Апошні раз калегі былі роўна тры гады таму, напрыканцы траўня 2015. Адбыўся шэраг зменаў, прыйшлі новыя людзі ў арганізацыю, жанчыны з’явіліся. Гэта так званае павышэнне кваліфікацыі прадстаўнікоў Слонімскага рэгіёна, якія сустракаюцца з палітыкамі, з грамадскімі дзеячамі, з журналістамі.

Прадстаўнік Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сіл Алесь Масюк адзначае, што цікава было даведацца ў палітыкаў, якім чынам у Польшчы праходзяць мясцовыя кампаніі:

– Польшча ўсё ж такі, на маю думку, у палітычным плане наперадзе. Цікавы досвед, кожны жыхар Беласточчыны можа звярнуцца ў мясцовую адміністрацыю з нейкай ідэяй, прапановай. Калі значная частка жыхароў Беластока прагаласуе за гэту ідэю, то яму выдаткоўваецца фінансаванне і ён рэалізоўвае свой праект, чым вырашае пэўную праблему.

Як дадае адзін з арганізатараў „Маршу недармаедаў” у Слоніме Віктар Марчык, пасля народных абурэнняў мясцовыя чыноўнікі таксама сталі больш прыслухоўвацца да праблемаў і прапаноў жыхароў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя